Іран (поўная назва — Ісламская Рэспубліка Іран) — буйная краіна ў рэгіёне Паўднёва-Заходняй Азіі.
Плошча тэрыторыі — 1648 тыс. км. Працягласьць берагавой лініі на Касьпійскім моры і ў Пэрсыдзкай затоцы — звыш за 2440 км. Працягласьць сухапутнай мяжы — 5440 км. На поўначы Іран мяжуе з Армэніяй (35 км), Азэрбайджанам (611 км) і Туркмэністанам (992 км); на захадзе — з Турэччынай (499 км) і Іракам (1458 км); на ўсходзе — з Пакістанам (909 км) і Аўганістанам (936 км). Звыш за палову паверхні краіны занятыя горамі (вышэйшая кропка — патухлая сопка Дэмавэнд вышынёй 5604 м). Ворныя землі складаюць 10% плошчы Ірана; лясамі пакрыта 7%. Сталіца (з 1785) — Тэгеран (каля 12 млн жыхароў). Іншыя буйныя гарады: Мэшхэд (1,7 млн), Іспагань (1,5 млн), Тэбрыз (больш 1 млн), Шыраз (каля 1 млн). Пісьмовая мова — пэрсідзкая. Нацыянальнае сьвята — угодкі перамогі Ісламскага пераварота 1979 году — адзначаецца 11 лютага. Адзіны выходны дзень — пятніца, аднак вялікая частка дзяржаўных установаў не працуе таксама ў чацьвер. Грашовая адзінка — рыял, рынкавы курс на пачатак 2008 складаў каля 9400 рыялаў за 1 дал. ЗША.
Летазьлічэньне вядзецца паводле мусульманскага календара г. зв. «сонечнай хіджры» (с. х.): год пачынаецца 21 сакавіка (у высакосныя гады — з 20 сакавіка) і сканчаецца 20 сакавіка (20 сакавіка 2008 г. наступіў 1387 с. х.). Для шэрагу мусульманскіх сьвятаў даты разьлічваюцца па г. зв. «Месячнай хіджры» (м. х.).
Тэгеранскі час узімку адстае ад менскага на 1,5 гадзіны, улетку — на паўгадзіны.
Гісторыя
Іран зьяўляецца адной са старажытнейшых дзяржаваў сьвету. На працягу стагодзьдзяў гэтая краіна іграла ключавую ролю на Ўсходзе. Пэрсыдзкае царства пры Дарыі I распасьціралася ад Грэцыі і Лібіі да ракі Інд. У сярэднявеччы Пэрсія была моцнай і ўплывовай дзяржавай у 17 і 18 стагодзьдзях, але пад канец 19 стагодзьдзя Пэрсія пераўтварылася ў паўзалежную дзяржаву. У 1935 годзе Пэрсія зьмяніла назву краіны на Іран. У 1979 годзе пасьля Ісламскага перавароту Іран быў абвешчаны ісламскай рэспублікай.
Старажытны Іран
Пасяленьні людзей існавалі на іранскім нагор’і ў 4 тысячагодзьдзі да н. э., задоўга да росквіту цывілізацыяў Міжрэчча. Арабійскае насельніцтва (як і на суседнім Армянскім нагор'і і ў Паўночнай Міжрэччы) зьяўляецца, у цэлым, карэнным насельніцтвам. Частка плямёнаў (пэрсы, мідыйцы, бактрыйцы, парцяне) асела ў заходняй частцы пляскагор'я; кімэрыйцы, сарматы, аляны, бэлуджы пасяліліся на ўсходзе і ўздоўж узьбярэжжа Амансай затокі.
Першай іранскай дзяржавай стала Мідыйскае царства, заснаванае ў 728 годзе да н. э. са сталіцай у Хамадане (Экбатана). Мідыйцы хутка ўсталявалі кантроль над усім заходнім Іранам і часткова над усходнім. Сумесна з бабілянянамі мідыйцы разграмілі Асырыйскае царства, захапілі паўночнае Міжрэчча і Ўрарту, а пазьней — Армянскае нагор'е
Земскі опіс
Займаючы тэрыторыю, роўную 1 648 195 км?, Іран мае супольную мяжу на захадзе з Іракам (1609 км), на паўночным захадзе з Турэччынай (486 км), на поўначы з Армэніяй, Азэрбайджанам і Туркмэністанам, а таксама абмываецца Касьпійскім морам (2670 км). На ўсходзе Іран мяжуе з Аўганістанам (945 км), а на паўднёвым усходзе з Пакістанам (978 км). З поўдня Іран абмываюць воды Пэрсыдзкай затокі (1259 км) і Аманскай затокі (784 км). Пэрсыдзкая затока зьяўляецца мелкаводнай ускраінай Індыйскага акіяна, што раскінулася паміж Арабійскай паўвыспай і паўднёва-заходнім Іранам. Затока займае плошчу 240 000 км? і цягнецца ад вусьця ракі Арвандруд (Шат-эль-араб) да Армускай пратокі, што злучае яе з Аманскай затокай. Даўжыня Пэрсыдзкай затокі па простай лініі складае 900 км, а яе шырыня вагаецца ад максымальных 338 км да мінімальных 55 км у раёне Армускай пратокі. На паўночным, паўночна-ўсходнім і ўсходнім узьбярэжжах затокі разьмешчаны Іран, на паўночна-заходнім беразе знаходзяцца Ірак і Кувэйт, на захадзе і паўднёвым захадзе — Саудаўская Арабія і Катар, на поўдні і паўднёвым усходзе — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і, часткова, Аман.
Астравы
Апрача Бахрэйну, які, паводле іранскага погляду да сярэдзіны 20 ст. таксама быў часткай Ірану, Ірану ў Пэрсыдзкай затоцы належыць мноства выспаў, найбольш важнымі зь якіх зьяўляюцца: Міну, Харк (нафтавае сховішча даўжынёй 6 км і шырынёй 3 км, на якім разьмешчаны адзін з найвялікшых у сьвеце глыбакаводных нафтавых партоў, злучаны з мацерыком 40-кілямэтровым трубаправодам), Шэйх Сад, Шэйх Швайб, Хэндурабі, Кіш (найвялікшая іранская выспа ў Армускай пратоцы, плошча якой складае 1300 км?), Фарур, Сіры, Абу Муса, Вялікі і Малы Тумбы, Кешм, Хэнгам, Ларак, Фарсі, Армуз дый Лаван.
Прыстані
Найбольш значнымі іранскімі портамі ў Пэрсыдзкай затоцы зьяўляюцца Абадан, Харамшахр, Імам Хамэйні (колішні Шагпур), Магшахр, Дэйлам, Генавэ, Рыз, Бушэр, Ленге і Абас.
Рэкі
З усіх рэкаў, што цякуць па іранскай зямлі, толькі адна прыдатная дзеля суднаходзтва — Карун (даўжыня — 920 км). Іншымі буйнымі рэкамі зьяўляюцца Атрак (535 км) ў правінцыі Галенстан ды ўздоўж іранска-туркмэнскае мяжы, Бампур (275 км), Далькі (285 км), Дэз (515 км), Халільруд (387 км), Хэндзіджан (488 км), Джарахі (альбо Марун, 438 км), Кархэ (755 км), Мэгран (382 км), Монд (685 км) і Сарбаз (313 км) у паўднёвым Іране, Карачай (540 км), Сэфідруд (795 км) у паўночна-заходнім Іране, Зарынэруд (302 км) дый Карасу (255 км) у заходнім Іране і Заяндэруд (405 км) у сярэднім Іране. Падчас летняга сэзону ў большасьці рэкаў вады мала. Аднак вада цячэ пад зямлёй, а доступ да яе забясьпечваецца праз падземныя водныя каналы (так званыя канаты), крыніцы і калодзежы.
Горы
Дзякуючы высокаму хрыбту гораў Альборз на поўначы, горнаму ланцугу Загрос на захадзе і паўднёвым захадзе, а таксама ўсходнім горам Ірану, што акаймоўваюць Іранскае ўзвышша, краіна вылучаецца скалістым горным рэльефам. У лік найвышэйшых гораў Ірану ўваходзяць: Алагакбар (ля Кучану, 2804 м), Алямкух (ля Калярдашту, 4850 м), Альванд (ля Хамадану, 3580 м), Ардагал (на захад ад Кашану, 3463 м), Багбаля (ля Керману, 3775 м), Бахр Асэмон (ля Джырофту, 3886 м), Дамаванд (на ўсход ад Тэгерану, 5671 м), Хазар Маджэд (Машгад, 3040 м), Джэбаль Барэз (ля Джырофту, 3741 м), Джупар (ля Керману, 4135 м), Аштаранкух (ля Азны, 4050 м), Палян Гярдон (ля Гачсару, 4375 м), Таптан (ля Хашу, 3941 м), Сабалян (ля Ардабілю, 4811 м), Сагант (ля Табрызу, 3707 м), Шыркух (ля Язду, 4055 м), Тахт Сулейман (ля Калярдашту, 4643 м), Тачаль (ля Тэгерану, 3933 м), Заркух Бахціяры (ля Шахрэкурду, 4221 м).
Насельніцтва
Паводле вынікаў перапісу 1996 году, агульная колькасьць насельніцтва Ірану складала 60 055 488 чалавек, што сьведчыць пра падваеньне дадзенага паказьніка за папярэднія 18 гадоў. У цяперашні час шчыльнасьць насельніцтва складае 35,26 чалавек на 1 км?, і яна працягвае павялічвацца. Прыблізна 60% насельніцтва жыве ў гарадох, а 15% сканцэнтраваныя ў самім Тэгеране і прылеглай да яго мясцовасьці. Датычна насельніцтва Ірану, важна адзначыць, што 44% насельніцтва краю складаюць асобы ў веку да 15 гадоў. Тэмпы росту колькасьці насельніцтва зараз зьнізіліся да 1,7% (пры нараджальнасьці роўнай 2,4% і сьмяротнасьці на ўзроўні 0,7%). Сярэдняя працягласьць жыцьця роўная 68 гадам, а дзіцячая сьмяротнасьць складае 4,2%. У склад іранскага народа ўваходзяць наступныя нацыянальныя і этнічныя групы: туркі, курды, бэлуджы, луры, туркмэны, арабы, армяне, асырыйцы. Качавое насельніцтва прадстаўленае плямёнамі бахціяраў, кашгайцаў і некаторымі меншымі групамі, што качуюць паміж сваімі летнімі і зімовымі паселішчамі цягам усяго году.
Дзяржаўны лад
Дзяржаўная ўлада ў Іране зьдзяйсьняецца незалежнымі адзін ад другога заканадаўчай, выканаўчай і судовай галінамі ўлады, зьмешчанымі пад наглядам Вярхоўнага кіраўніка краіны.
Пасада Вярхоўнага кіраўніка Рахбара можа займаць факіх (багаслоў), якога пасьля сьмерці імама Хамэйні вызначае і прызначае выбарны ўрад — Рада старцаў. У абавязкі Рахбара ўваходзяць: азначэньне генэральнай лініі ў палітыцы ІРІ і кантроль за правільнасьцю ажыцьцяўленьня гэтай лініі, начальства над войскам, аб’яўленьне вайны і міру, прызначэньне і адхіленьне ад пасады вышэйшых службовых асобаў, падпісаньне ўказу аб прызначэньні прэзыдэнта пасьля яго абраньня, аб’яўленьне амністыі або зьмякчэньне прысудаў.
Пасьля сьмерці Хамэйні (1989) новым Вярхоўным кіраўніком ІРІ быў абраны аятала Алі Хамэнэі, які займаў да гэтага пасаду прэзыдэнта краіны.
Пасьля Вярхоўнага кіраўніка вышэйшай афіцыйнай асобай у краіне зьяўляецца прэзыдэнт. На яго ўскладаецца адказнасьць за выкананьне канстытуцыі, кіраўніцтва выканаўчай уладай (за выключэньнем тых пытаньняў, якія непасрэдна датычаць прэрагатываў Вярхоўнага кіраўніка). Прэзыдэнт узначальвае кабінэт міністраў, прызначае саміх міністраў і прадстаўляе іх на сьцьвярджэньне Сабору ісламскай рады (мачліс), падпісвае дагаворы і дамовы зь іншымі дзяржавамі. Прэзыдэнт абіраецца на чатыры гады шляхам прамога галасаваньня і можа быць перавыбраны ня больш чым яшчэ на адзін тэрмін.
24 чэрвеня 2005 у другім туры дзевятых выбараў прэзыдэнта ІРІ перамог начальнік места Тэгерана Махмуд Ахмадзінэжад. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе Махамата Хатамага: пятага на гэтай пасадзе правадыра грамады.
Вышэйшым заканадаўчым органам ІРІ зьяўляецца аднапалатны парлямэнт — Сабор ісламскай рады (мачліс). У цяперашні час у склад мачліса ўваходзіць 290 паслоў, абіраных на чатыры гады шляхам прамога і таемнага галасаваньня. Сабор зацьвярджае склад урада, прымае законы, ухваляе дагаворы і дамовы з замежнымі дзяржавамі, зацьвярджае праект бюджэту, атрыманьне і даваньне ўрадам пазыкаў і бязвыплатнай дапамогі, санкцыянуе найманьне замежных адмыслоўцаў. Старшынёй мэджліса сёмага скліканьня зьяўляецца Галям Алі Хадад-Адэль. 14 сакавіка 2008 году адбыліся парлямэнцкія выбары (25 красавіка — другі тур) у мачліс восьмага скліканьня.
Кантроль за адпаведнасьцю рашэньняў мачліса догмам ісламу і канстытуцыі ІРІ зьдзяйсьняецца Рада старажоў шарыяту, старшынёй якой зьяўляецца аятала Ахмад Джанаці. Рада разглядае ўсе рашэньні мачліса, зьдзяйсьняе нагляд за выбарамі Рады старцаў, прэзыдэнцкімі выбарамі, выбарамі ў мачліс, а таксама за правядзеньнем усеагульных рэфэрэндумаў.
Для вырашэньня разнагалосьсяў, якія ўзьнікаюць паміж мачлісам і Рада старажоў шарыяту з нагоды прыняцьця заканадаўчых актаў, у 1988 сфармаваны канстытуцыйны орган — Рада ўгоды. Яго старшынём зьяўляецца былы прэзыдэнт ІРІ аятала А. Хашэмі-Рафсанджані. У 2005 рашэньнем Вярхоўнага кіраўніка ІРІ Рада ўгоды перададзеныя новыя паўнамоцтвы па наглядзе за дзейнасьцю выканаўчай, заканадаўчай і судовай уладаў, а таксама ўзброенымі сіламі і Арганізацыі тэлерадыёвяшчаньня ў ІРІ.
У мэтах стварэньня гарантый прытрымліваньня нацыянальных інтарэсаў, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту краіны пад старшынствам прэзыдэнта дзейнічае Вышэйшая рада дзяржаўнай бясьпекі. Пісарам ВРДзБ з кастрычніка 2007 году зьяўляецца Саід Джалілі.
Судовая ўлада ў Іране функцыянуе на аснове ісламскіх норм і звычаяў. Пасаду кіраўніка судовай улады займае аятала Сэйед Махамад Хашэмі-Шакгрудзі. Кіраўнік судовай улады прызначаецца Рахбарам краіны тэрмінам на пяць гадоў. Кантроль за правільным выкананьнем законаў, забесьпячэньнем іх адзінага тлумачэньня зьдзяйсьняецца Вярхоўным судом. Старшыня Вярхоўнага суда і генэральны пракурор прызначаюцца кіраўніком судовай улады тэрмінам на пяць гадоў.
Земскі падзел
Краіна складаецца з 30 частак, якія называюцца стан:
Альборз
Ардабіль
Бушэр
Галенстан
Гілян
Занджан
Заходні Азэрбайджан
Ілам
Іспагань
Казьвін
Керман
Керманшаг
Кум
Курдыстан
Кухгілюе і Буер Ахмад
Лурэстан
Мазандаран
Марказі
Паўднёвы Харасан
Паўночны Харасан
Сыстан і Балучыстан
Сэмнан
Тэгеран
Усходні Азэрбайджан
Фарс
Хамадан
Харасан Рэзаві
Хармазган
Хузэстан
Чармахаль і Бахціярыя
Язд
Вера
Верай большасьці ў Іране зьяўляецца іслам шыіцкае плыні. Каля 90% насельніцтва краю складаюць мусульмане-шыіты, а яшчэ 8% — мусульмане-суніты. Рэлігійныя меншасьці прадстаўленыя зараастрыйцамі, армянскімі і асырыйскімі хрысьціянамі, габрэямі і бахаістамі.
Іран зьяўляецца краінай некалькіх рэлігіяў, некаторыя зь якіх узьніклі на яго абшарох, іншыя ж прыйшлі з-за мяжы. Асобна варта вылучыць некалькі рэлігіяў, што паўсталі ў Іране і якія мы называем іранскімі, ды іслам, які мае сэміцкае паходжаньне, але зьяўляецца асноўнай рэлігіяй Ірану цягам апошніх чатырнаццаці стагодзьдзяў. Іранскі народ зрабіў вялікі ўнёсак у ісламскую цывілізацыю і ісламскую думку. Таму іслам побач з іранскімі рэлігіямі неаддзельна зьвязаны з гісторыяй рэлігійнага жыцьця краіны. У дагістарычны пэрыяд пэрсы вызнавалі рэлігію арыйскага паходжаньня, вельмі блізкую да іншых індаэўрапейскіх рэлігіяў.
Іслам
Мусульмане вызнаюць веру, прапаведаваную Прарокам Мухамадам, апошняе Адкрыцьцё Ўсявышняга чалавецтву. Іслам зьяўляецца дзяржаўнай верай Ірану. Насельніцтва Ірану ў большасьці сваёй спавядае шыіцкую плынь ісламу, якая адрозьніваецца ад больш пашыранае ў іншых мусульманскіх краінах суніцкае плыні. Мусульмане, як шыіты, так і суніты, вераць у тое, што існуе толькі адзін Бог, і абавязкам чалавека ёсьць верыць у Яго і служыць Яму адпаведна законаў, замацаваных у Сьвятым Кур'ане. У перакладзе з арабскай, «іслам» значыць паслухмянасьць, таму мусульманін — гэта той, хто слухаецца волі Ўсявышняга.
Суніты і шыіты: асноўная лінія падзелу ў ісламскім сьвеце пралягае паміж сунітамі і шыітамі. Раскол, які спрычыніўся да распаду ісламскага сьвету на дзьве плыні, адбыўся пасьля сьмерці Прарока ў 632 годзе. Шыіты перакананыя, што кіраваць грамадой вернікаў пасьля таго павінны былі нашчадкі Прарока — імамы.
Асноўнымі цэнтрамі шыіцкага паломніцтва ў Іране зьяўляюцца: маўзалей імама Рэзы ў Мэшхэдзе, маўзалей Хазрат-э Масумэ і мячэт Джамкаран у Куме, маўзалей Шах Чэрог у Шыразе і маўзалей Хазрат-э Абдулазім у Рэі.
Гаспадарка
Іран разьмешчаны на скрыжаваньні стратэгічна важных гандлёвых маршрутаў паміж Эўропай і Азіяй, займае чацьвёртае месца ў сьвеце па выведаных запасах нафты і другое — па запасах прыроднага газу, зьяўляецца другім па значэньні экспарцёрам нафты ў ОПЕК. Прыбыткі Ірана ад продажу нафты дасягаюць 80% ад усіх экспартных прыбыткаў краіны, забясьпечваюць палову дзяржаўнага бюджэту і, па розных адзнаках, да 20 % ВУП. Іран таксама багаты такімі карыснымі выкапнямі як вугаль, хром, медзь, жалезная руда, сьвінец, марганец, цынк і сера.
Паводле афіцыйных зьвестак, прырост ВУП у 1386 с.х. (з сакавіка 2007 па сакавік 2008) склаў 5,3%. Улічваючы высокую ступень залежнасьці іранскай эканомікі ад экспарту нафты, урад ІРІ у рамках 4-га пяцігадовага пляну сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны (2005/06-2009/10) прымае меры па разьвіцьці ненафтавага сэектару народнай гаспадаркі. Сярэднядушавы нацыянальны прыбытак ацэньваецца ў 1800 дал. ЗША. Сярэдні ўзровень інфляцыі ў краіне (па афіцыйных дадзеных) склаў 18,4% (па неафіцыйных — звыш за 30%).
Іран уваходзіць у лік прамыслова-аграрных краінаў, якія разьвіваюцца пры гэтым яго сацыяльна-эканамічнае і валютна-фінансавае становішча па-ранейшаму застаецца досыць няўстойлівым і находзіцца ў моцнай залежнасьці ад экспартнай выручкі нафтавай і газавай прамысловасьці. Нафтагазавы сэктар Ірана патрабуе тэхнічнага пераабсталяваньня, укараненьня новых тэхналогіяў і значных замежных інвэстыцыях.
Беспрацоўе, якая ахоплівае 11% адсоткаў працаздольнага насельніцтва краіны (сярод моладзі, па неафіцыйных дадзеных — да 25-30%), зьяўляецца найболей вострай сацыяльнай праблемай сучаснага Ірана. Па падліках урада, для эфэктыўнага рашэньня гэтага пытаньня штогадовы прырост ВУП павінен складаць ня меней за 8%, што дазволіць ствараць парадку 900 тыс. новых працоўных месцаў.
Паездкі ў Іран
Турыстычная індустрыя Ірана сур’ёзна пацярпела ў выніку іранска-ірацкай вайны, аднак у цяпершані час адраджаецца. У 2003 годзе было выдадзена 300 тысячаў турыстых візаў, большасьць — паломнікамі з суседніх ісламскіх дзяржаваў, якія накіроўваліся ў Мэшхэд і Кум. У 2004 годзе Іран наведалі ўжо 1,7 млн замежных турыстаў. Калі для мусульманаў асноўную цікавасьць уяўляюць сьвятыя месцы, то эўрапейцаў цікавяць галоўным чынам археалягічныя раскопкі і старажытныя помнікі. У 2004 годзе даходы турыстычнай індустрыі перавысілі 2 міліярды даляраў. Разьвіцьці турызму моцна перашкоджваюць недасканаласьць інфраструктуры.
Дарогі
У Іране дзейнічае правабаковы рух (леваручнае стырно). Іран мае разьвітую транспартную інфраструктуру. Агульная працягласьць аўтамабільных дарогаў складае 178 тыс. км, зь іх 2/3 — зь цьвёрдым пакрыцьцём. На 1000 чалавек прыходзіцца 30 уласных аўтамабіляў. Працягласьць чыгункі — 8400 км (2005). Чыгуначнае злучэньне маецца з Армэніяй (ня дзейнічае), Азэрбайджанам, Пакістанам, Турцыяй і Туркмэністанам. Вядзецца будаўніцтва веткі Харэмшэхр — Барса (Ірак). Шырыня тору — 1435 мм. Найбуйнейшая прыстань — Бэндэр-Абас на беразе Пэрсыдзкае затокі, на беразе Касьпійскага мора — Энзэлі. У Іране дзейнічае 321 лётнішчы, 129 маюць узьлётна-пасадкавыя палосы зь цьвёрдым пакрыцьцём. У шасьці найбуйнейшых гарадах вядзецца будаўніцтва мэтро. Працягласьць трубапровадаў — 34 тыс. км; зь іх 17 тыс. — газапровады, 16 тыс. — нафтапровады, 1 тысяча — для перагонкі звадкаванага газу і газакандэнсату.
Мовы і пісьменства
На пэрсыдзкай мове (фарсі) размаўляе большасьць іранцаў, і гэта — афіцыйная мова Ірану. Гэта — мова дзяржаўнага кіраваньня і школьніцтва, а таксама родная мова для паловы насельніцтва краю. З прычыны таго, што Сьвяты Каран укладзены па-арабску, арабская мова выкладаецца ў якасьці другой мовы ў іранскіх школах. У большасьці школаў таксама выкладаецца ангельская мова, хаця ў некаторых яе месца займаюць француская ці — значна менш — нямецкая.
Насельніцтва Ірану размаўляе на шэрагу дыялектаў пэрсыдзкай мовы і прадстаўнікоў кожнага гораду звычайна можна адрозьніць па іх вымаўленьні. Некаторыя з гаворак, як то бэлудская, туркмэнская, гіляцкая і мазандаранская амаль незразумелыя, напрыклад, для пэрсыдзкамоўных насельнікаў Тэгерану ці Шыразу. Іншымі асноўнымі рэгіянальнымі мовамі Ірану зьяўляюцца азэрбайджанская, курдзкая і арабская.
Старажытнапэрсыдзкая мова: першыя пісьмовыя ўзоры яе датуюцца 514 да н. э.. Гэтая мова выкарыстоўвалася прыкладна да 250 году, яе пісьменства грунтавалася на клінапісе і выкарыстоўвалася амаль выключна ў цырыманіяльных мэтах.
Сярэднепэрсыдзкая мова: вядомая таксама як пагляві, выкарыстоўвалася з 250 да 900 году. Яна была афіцыйнай мовай Сасанідзкага царства і зараастрыйскага духавенства. Яе пісьменства было заснаванае на ідэаграфічным пісьме, г. зв. гузварэшы.
Сучасная пэрсыдзкая мова: зьяўляецца вынікам няспыннага разьвіцьця, што пачалося прыкладна з 900 г. Цяпер яе пісьменства заснаванае на арабскіх знаках зь некаторымі мадыфікацыямі, літары ў якой пішуцца справа налева. Пасьля арабскага заваяваньня земляў Сасанідзкага цартсва ў 7 ст. і паступовага пераходу насельніцтва Ірану ў іслам, арабская мова стала дзяржаўнай і літаратурнай мовай краю, але пэрсыдзкая засталася мовай судоў. Што праўда, пэрсыдзкая мова запазычыла многія арабскія словы, каб узбагаціць свой слоўнікавы запас і ўрэшце прыняла нават арабскія знакі. У наступныя стагодзьдзі ў пэрсыдзкую мову трапіла таксама багата цюрскіх словаў.
Земскі падзел
Краіна складаецца з 30 частак, якія называюцца стан:
л/п | Вобласьць | Пэрсідзкая назва | Сталіца | Плошча км2 | Кольскасьць паветаў | Насельніцтва | Шчыльнасьць насельніцтва чал./км2 |
1. | Альборз | البرز | Карач | 5 122 | 5 | 2 412 513 | 471 |
2. | Ардабіл | اردبیل | Ардабіл | 17 800 | 9 | 1 248 488 | 70 |
3. | Бушэр | بوشهر | Бушэр | 22 743 | 10 | 1 032 949 | 45 |
4. | Чахар Махаль і Бахтыяры | چهارمحال و بختیاری | Шарэкорд | 16 328 | 6 | 895 263 | 55 |
5. | Усходні Азэрбайджан | آذربایجان شرقی | Тэбрыз | 45 651 | 19 | 3 724 620 | 82 |
6. | Іспагань | اصفهان | Іспагань | 107 018 | 23 | 4 879 312 | 46 |
7. | Пэрс | فارس | Шыраз | 122 608 | 29 | 4 596 658 | 37 |
8. | Гілян | گيلان | Рэшт | 14 042 | 16 | 2 480 874 | 177 |
9. | Галэстан | گلستان | Горган | 20 367 | 14 | 1 777 014 | 87 |
10. | Хамадан | همدان | Хамадан | 19 368 | 8 | 1 758 268 | 91 |
11. | Хармозган | هرمزگان | Бэндэр Абас | 70 697 | 13 | 1 578 183 | 22 |
12. | Ілам | ایلام | Ілам | 20 133 | 8 | 557 599 | 28 |
13. | Кэрман | کرمان | Кэрман | 180 726 | 20 | 2 938 988 | 16 |
14. | Кэрманшах | کرمانشاه | Кэрманшах | 25 009 | 14 | 1 945 227 | 78 |
15. | Хузэстан | خوزستان | Ахваз | 64 055 | 24 | 4 531 720 | 71 |
16. | Кугілюе і Баерахмэт | کهکیلویه و بویراحمد | Ясуч | 15 504 | 7 | 658 629 | 42 |
17. | Курдыстан | کردستان | Санандач | 29 137 | 9 | 1 493 645 | 51 |
18. | Лурыстан | لرستان | Харамабад | 28 294 | 10 | 1 754 243 | 62 |
19. | Марказі | مرکزی | Арак | 29 127 | 10 | 1 413 959 | 49 |
20. | Мазандаран | مازندران | Сары | 23 842 | 19 | 3 073 943 | 129 |
21. | Паўночны Харасан | خراسان شمالی | Бачнурт | 28 434 | 7 | 867 727 | 31 |
22. | Казьвін | قزوین | Казьвін | 15 567 | 5 | 1 201 565 | 77 |
23. | Кум | قم | Кум | 11 526 | 1 | 1 151 672 | 100 |
24. | Разавы Харасан | خراسان رضوی | Мэшхэт | 118 851 | 28 | 5 994 402 | 50 |
25. | Сэмнан | سمنان | Сэмнан | 97 491 | 7 | 631 218 | 6 |
26. | Сістан і Бэлуджыстан | سیستان و بلوچستان | Захедан | 181 785 | 14 | 2 534 327 | 14 |
27. | Паўднёвы Харасан | خراسان جنوبی | Бірджан | 95 385 | 8 | 662 534 | 7 |
28. | Тэгеран | تهران | Тэгеран | 13 692 | 14 | 12 183 391 | 890 |
29. | Заходні Азэрбайджан | آذربایجان غربی | Румія | 37 411 | 14 | 3 080 576 | 82 |
30. | Ест | یزد | Ест | 129 285 | 12 | 1 074 428 | 8 |
31. | Занджан | زنجان | Занджан | 21 773 | 7 | 1 015 734 | 47 |
1 628 771 | 390 | 75 149 669 | 46 |